Дрэвы

Ёсць  сувязі,  якія  ніколі  не  могуць  быць  парваныя.

Расцем,  як  два  дрэвы,  побач  з’яўляюцца  новыя  дрэвы  розных  парод,  а  мы,  аказваецца,  дзесьці  так  зрасліся  карэннем,  што  ўжо  не  можам  пасунуць  свае  галіны  ў  іншы  бок  і  пачынаем  сплятаць  іх  і  ўрастаць  адзін  у  аднога.

Кожная  шурпатасць  завучана  на  памяць,  але  гэтыя  неразрыўныя  абдоймы  ўсё  адно  прыемныя.

У  кожнага  сваё  жыццё:  прыходзяць  вёсны,  з’яўляюцца  новыя  пагоны,  але  калі  ў  аднаго  з’яўляецца  дупло  –  дзюрка  ў  грудзях,  а  боль  прарастае  галінамі,  прабівае  яго  цела,  то  і  іншы  не  можа  не  адчуць  гэта:  як  вясной  па  целу  бягуць  сокі,  так  цяпер  прымушае  курчыцца  і  стагнаць-рыпець  ток  болю  іншага.

Бывае  так,  што  ўсё  навокал  знікае,  далягляды  зацягвае  туманам  ці  здарыцца  страшэнная  навальніца,  а  адно  з  двух  дрэваў  завальваецца  набок,  то  тады  другое  дрэва  яго  трымае,  каб  першае  не  звалілася  зусім.
………………………………………………………………………………………………

Яны  былі  сябрамі,  братам  і  сястрой,  маці  і  сынам,  бабуляй  і  ўнукам,  хлопцам  і  дзяўчынай,  ворагамі,  палюбоўнікамі  і  здраднікамі.  Але  ніколі  не  маглі  дакладна  вызначыць  свае  адносіны  адно  да  аднога.  І  не  маглі  закахацца  адзін  у  аднога  адначасова.

Яго  сімвал  –  дрэва.  Яе  –  крыж.  Ён  вымушаны  несці  яе  прысутнасць  на  сабе  як  свой  крыж.  Яна,  яе  крыж,  яе  лёс  –  зроблены  з  яго,  з  дрэва.

Яны  –  проста  адное  пароды.  Яны  –  дрэвы.

адреса: https://www.poetryclub.com.ua/getpoem.php?id=175505
Рубрика: Вірші, що не увійшли до рубрики
дата надходження 05.03.2010
автор: Жывіца